Множаньне сутнасьцяў, частка чарговая
Сёньня на курсах казаскае мовы мы павінны былі распавесьці пра бацькаўшчыну. Дзе нарадзіліся, адкуль прыехалі, і гэтак далей. Я згадаў, як спачатку ў дзяцінстве, а потым самастойна езьдзіў да бабцы ў вёску на Берасьцейшчыне. Дарэчы, «вёска маёй бабцы» па-казаску гучыць вельмі прыгожа: «Әжемның ауылы». На мой густ ёсьць у гэтым пераліве гукаў нейкая пяшчотная цяплыня.
Потым я казаў, як з вайной апынуўся ў Алматы, але ня гледзячы на прыгоды, сумаваў па радзімым мясьцінам. Аднаклясніца ледзьве пляснула ў далоні і са спагадай пераклала па-свойску: «Тоскует по Москве». Але калі я гаварыў пра сум, то мэтанакіравана абраў не «қала», то бок «горад», а слова «жер», якое можна перакласьці як «зямля», ці «родны кут». Я ж насамрэч распавядаў пра вёску. Сам сабе толькі падумаў, «Хай гэтая Масква хоць у пекла праваліцца».
А калі пасьля занятку ішоў да дому, успомніў аб прароцтвах праваслаўных старцаў. Як з Масквы трэба цякаць як мага хутчэй, бо прыйдзе час, калі яна сапраўды ў пекла сыдзе. І здаецца разгадаў, што яны мелі на ўвазе. Калі габрэі аддалі Езуса на раскрыжаваньне, яны гэта зрабілі паколькі хацелі бачыць Царства Боскае матэрыяльным. А ён абяцаў духоўнае, значыцца ня быў мэсіяй. Яны так учыталіся ў тэкст Бібліі, што згубілі сэнс пасланьня.
Вось і зараз па сутнасьці Масква ўжо па духу ў пекле, але тым, хто там застаецца, па большасьці добра. Мае тамтэйшыя суседзі ды сваякі працягваюць лічыць украінцаў братамі, і адначасова не супраць, каб тых забівалі далей. Дасылаюць праз тэлеграм віншаваньня са Зьвеставаньнем, і падтрымліваюць патрыярха Кірыла, які абвесьціў гэтую вайну сьвятой. Верагодна да гэтага часу вераць у прароцтва, але прамінулі, калі яно спраўдзілася.
Было сказана «ня ведаю вас, адкуль вы; адыдзеце ад Мяне ўсе, хто ўчыняе няпраўду». Але падаецца на гэты конт тыя, хто чытаў, мяркуюць таксама, як тыя, хто клікаў да вяртаньня мэтадаў сталінізму на конт магчымасьці патрапіць пад стрэльбы выканаўчага камітэту.
Ну а яшчэ вынік у тым, што я пакуль моцна блытаюсь у казаскіх склонавых канчатках. Трэба паўторваць.