Дмоўскі вярнуўся

Прапановы прэзыдэнта Польшчы Наўроцкага на конт павялічэньня тэрмінаў атрыманьня грамадзянства вельмі балючыя для шматлікіх беларусаў, якія абралі гэту краіну месцам для жыцьця пасьля таго, як былі вымушаныя зьехаць з бацькаўшчыны па выніку няўдалага 2020 году. З улікам абавязковай страты пашпарту, якая ці насьцігла, ці чакае амаль усіх, суседняя краіна бачылася як ціхая гавань побач.
Але гэта была ілюзія, якая паціху сыходзіць. Чэслаў Мілаш пісаў аб міжваеннай Польшчы, што тая будавалася на спаборніцтве ідэяў Пілсуцкага і Дмоўскага, і у якой перамог апошні. Продкі заходніх беларусаў, якім давелося жыць у той Польшчы, на сваёй скуры зазналі тую перамогу. Ані мая бабуся, ані іншыя старыя сваякі аб той Польшчы нічога добрага сказаць не маглі.
Але была надзея, што ідэі Гэдройця перамаглі былы дуалізм, стаўшы кансэнсусам новай Польшчы. З той надзеяй я сам гадоў 10 таму беспасьпяхова шукаў дакументы, каб па магчымасьці падацца на Карту паляка. Як высьветлілася ў апошнія гады, надзея была дарэмнай. Прапановы Гедройця — “За нашую і вашую свабоду”, “Хай над Ільвовам разьвяваецца жоўта-блякітны сьцяг”, ды іншыя — толькі замянілі стары літвінскі рэгіяналізм Пілсуцкага. Але монанацыяналізм па-дмоўскаму ўвесь час быў таксама тут. Мабыць сьпярша хаваўся ў ценю, але паступова выходзіў на палітычны прастор, і з перамогай PiS, якую толькі ўзмацніла катастрофа над Смаленскам, зноў стаў прэвалюючым. Умоўная перамога “Грамадзянскай кааліцыі” з партнэрамі ў 2023 больш выпадковая, чым хацелась верыць спачатку. Зараз відавочна, што ў 2027, калі ўрад вогуле дацягне, яны не перамогуць. Аборты не дазволяць. Уцекачоў будуць выціскаць. Правы застануцца на паперы. Каталіцкая царква страціць апошнія рысы, якія адрозьніваюць яе ад Маскоўскай.
Я вельмі ўтульна адчуваў сябе ва Ўроцлаве, калі там быў у 2016. Калі другі раз апынуўся ў Варшаве, хіба й праездам, але злавіў думку: “Мне б падабалася тут жыць!”. Мабыць і добра, што не адбылося.
Пакутны час выпаў нашаму пакаленьню, нічога ня скажаш.