Беларусь да і пасьля 2020 на прыкладзе Ціханоўскіх
Гледзячы на тое, як Сяргей Ціханоўскі на камеры сварыцца з жонкай, у Менску напэўна казалі з усьмешкай, што яго трэба было выпускаць раней.
Ёсьць такая рэч у беларускім грамадстве, якую адкладаюць прагаворваць да лепшага часу. Але яна ўсё роўна вылязае, не атрымліваецца прыхаваць. Гэта гвалт. Калі беларусы ўзьняліся ў 2020 годзе — гэта была рэакцыя на распутную ўседазволенасьць уладаў. Крок па вяртаньню ўласнае годнасьці. І не дарма такую вялікую ролю ў агульных пратэстах гралі менавіта жанчыны. Прабачце, але каму як не кабеце, ведаць аб гэтым лепш за ўсё?
А калі адысьці ад палітыкі, разам высьветліцца, што мужчынская палова ня будзе бачыць у слёгане лукашэнкаўскай кампаніі задушэньня “Любимую не отдают” нічога дрэннага. Вось таму й бяда. Можна зьбегчы з лукашэнкаўскай Беларусі, але агульнае стаўленьне да ўласнага статусу, да жонкі, усмактанае задоўга да прыходу вусатага да ўлады, нікуды ня дзенецца.
Таму мы й майма гісторыі, як пра сьпявачку Мэрыем Герасіменку, якая цярпела ў 2020, эмігравала, але муж выявіўся ня лепш за сілавікоў. Майма Стрыжака, на падзеі якога заплюшчвалі вочы, бо “мужчына робіць добрую справу, а вы са сваёй мітусьнёй”. А беларускі, якія эмігравалі, усё часьцей на варыянт спаткацца зь беларусам адказваюць “ні за што”.
Гвалт владаў, гвалт сістэмы — гэта адзін з бакоў гвалту, распаўсюджанага ў грамадстве. І нельга паўстаць супраць аднаго і не чапаць другі. Пазбаўляцца трэба ад усяго разам. Ціханоўскі, які быў затрыманы да пачатку ўсіх падзей 2020, які ўласна патрапіў пад турэмны гвалт, трымаецца вярнуць уласны гонар, статус, які ён меў у былым жыцьці. Дзе ўсё знаёма, дзе жонка падначальваецца. Але за гэты тэрмін менавіта ягоная жонка перамагла, мабыць не літаральна, але хаця б маральна. Яна — твар і голас Беларусі, той, іншай часткі краіны, якая пяць гадоў таму сказала “Досыць!” і з таго часу трымае слова. І калі муж Сьвятланы хоча застацца на гэтым баку, а не на баку катаў, не на баку узурпатараў, трэба прыняць, што як раней — больш нельга.
Часам няма лепш варыянту, чым сказаць сабе: “Сяргей, замаўчы і ідзі рабіць катлеты”.